Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Паэты

Мікалай Іосіфавіч Бусько нарадзіўся 30 верасня 1940 г. у вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Іосіф Несцеравіч Бусько, у час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, з ліпеня 1944 г. — на фронце, удзельнічаў у штурме Кёнігсберга; быў вядомым на ўсю ваколіцу цесляром і сталяром. З жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай (Скок), выгадавалі чатырох дзяцей; завіхаліся і клапаціліся як маглі, але жылі бедна. Мікола, самы малодшы, з дзяцінства захапляўся маляваннем, хадзіў за 7 км у школу ў в. Турэц.

Віктар Васільевіч Вабішчэвіч нарадзіўся 9 ліпеня 1960 г. у вёсцы Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька працаваў на трактары ў калгасе, вельмі любіў чытаць кнігі, шкадаваў, што з-за пасляваеннай галечы не атрымаў адукацыю. Маці закончыла толькі чатыры класы, але ведала на памяць шмат вершаў Янкi Купалы, Якуба Коласа, iншых паэтаў.

Леанід Фёдаравіч Глушко нарадзіўся 20 жніўня 1940 г. у вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў чацвёртым, самым малодшым дзіцём у сям’і. Бацька, Фёдар Глушко, старшыня калгаса «Бальшавік», арганізаванага ў Курыцічах, пакінуў сваю сям’ю яшчэ да нараджэння малодшага сына. У 1943 г. ён загінуў пад Ленінградам. З вялікай цеплынёю паэт заўсёды гаворыць пра сваю маці, Аксінню Максімаўну Глушко (у дзявоцтве Бондар). Яшчэ ў самым пачатку вайны за сувязь з партызанамі немцы спалілі частку вёскі і хутар Забалоцце, дзе жыла Аксіння Максімаўна з дзецьмі. Разам з астатнімі жыхарамі вёскі яны пайшлі ў лес, пабудавалі зямлянкі і жылі ў іх да самага канца вайны.

Мікалай Іванавіч Кавалевіч нарадзіўся 30 ліпеня 1960 г. у вёсцы Чаромушкі Здзітаўскага сельсавета Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі ў час Вялікай Айчыннай вайны былі вязнямі фашызму, пасля вайны бацька працаваў шахцёрам, а затым на Бярозаўскай ГРЭС. У 1977 г. Мікалай скончыў Здзітаўскую сярэднюю школу і паступіў у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна на спецыяльнасць «матэматыка і фізіка».

Галіна Сідараўна Бабарыка нарадзілася 19 чэрвеня 1960 г. у вёсцы Мачуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі былі простымі сялянамі, якім Вялікая Айчынная вайна перашкодзіла вучыцца, яны скончылі толькі чатыры класы польскай школы, але любілі літаратуру, шмат чыталі бібліятэчных кніг. У школе Галіна вучылася добра, асабліва любіла ўрокі мовы і літаратуры. У дзесяцігадовым узросце пачала пісаць вершы. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў раённай газеце «Навіны Палесся», часопісе «Вясёлка» (1970).

Сцяпан Антонавіч Крываль нарадзіўся 1 ліпеня 1935 г. у вёсцы Гутка Косаўскага павета Палескага ваяводства (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Антон Рыгоравіч, і маці, Кацярына Дзмітрыеўна, з гэтай жа вёскі, тут жылі іх бацькі, дзяды і прадзеды. У сялянскай сям’і было чацвёра дзяцей. Бацька, старэйшыя брат Уладзімір і сястра Надзя ў час Вялікай Айчыннай вайны былі сувязнымі партызанскага атрада імя Баруцкага.

Андрэй Іванавіч Мазько нарадзіўся 20 сакавіка 1955 г. у вёсцы Упірава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Выхоўваўся і вучыўся ў Гарадзецкай, Жабінкаўскай, Пружанскай школах-інтэрнатах. У школьныя гады Андрэю адкрыліся таямніцы паэзіі, разуменне таго, што вартасць чалавека вымяраецца станам яго душы.

Мацвей (Мітрафан) Васільевіч Смаршчок (Рэпкаў-Смаршчок) нарадзіўся 19 лютага 1915 г. у вёсцы Вялікае Падлессе Баранавіцкага павета (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Мацвей вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, а затым — у Ляхавіцкай школе і Баранавіцкай гімназіі імя Т. Рэйтана.

Уладзімір Рыгоравіч Чэрнік нарадзіўся 5 лютага 1935 г. у вёсцы Вялічкавічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Аніскавіцкага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Рыгор Іванавіч, закончыў чатыры класы народнага вучылішча, валодаў майстэрствам расказчыка, па-майстэрску чытаў аднавяскоўцам творы М. Гогаля, Г. Сянкевіча. Добрай расказчыцай была і непісьменная маці, Надзея Трафімаўна. Рыгор Іванавіч і старэйшы брат Фёдар ужо чытарохгадовага Валодзю навучылі чытаць, прывівалі яму любоў да літаратуры. У пяць гадоў хлопчык злажыў свой першы верш.

Ніна Уладзіміраўна Кавальчук (у дзявоцтве Пічыц) нарадзілася 11 жніўня 1959 г. у вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У простай сялянскай сям’і было пяцёра дзяцей, Ніна была па ліку другой. Бацькі працавалі ў калгасе: маці, Вольга, паляводам, а бацька, Уладзімір Андрэевіч Пічыц, быў адметным цесляром, сталяром, разьбяром па дрэве. Сям’я Пічыцаў працавітая і творчая: сястра Валянціна займаецца роспісам, брат Міхаіл грае на гармоніку і выдатна працуе з дрэвам, а сама Ніна ўмее ткаць, вязаць на спіцах і кручком, вышываць крыжыкам і гладдзю.

Старонка 11 з 22